РЭКРЭАЦЫ́ЙНЫ КАДА́СТР,
збор звестак аб прыродных умовах рэкрэацыйнай і аздараўленча-лячэбнай каштоўнасці тэр. і аб’ектаў, якія прызначаны для арганізацыі масавага адпачынку і аднаўлення здароўя людзей. Уключае даныя аб пейзажна-эстэтычнай годнасці і сан.-гігіенічных уласцівасцях аб’ектаў, складанасці і працягласці пешаходных, водных, транспартных турысцкіх маршрутаў і іх даступнасці для розных катэгорый адпачываючых, аддаленасць ад асн. культурных і прамысл. цэнтраў і інш. Пры комплекснай сан.-гігіенічнай ацэнцы аб’ектаў улічваюцца кліматычныя, геолага-геамарфал., глебавыя, гідралагічныя ўмовы, расліннасць, узровень урбанізацыі, эстэтычнасць пейзажу. На Беларусі Р.к. складзены па абласцях.
П.І.Лабанок.
т. 13, с. 572
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)